ГІСТОРЫЯ ДЗЯРЖАЎНАЙ УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ
«РАХАВІЦКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА СЛОНІМСКАГА РАЁНА»
Пытанне аб адкрыцці школы ў вёсцы Рахавічы ўзнікла ў 1927 годзе, калі тэрыторыя Заходняй Беларусі знаходзілася ў складзе Польшчы. Была выдзелена тэрыторыя для пабудовы школы, падрыхтавана неабходная дакументацыя, аднак да будаўніцтва справа не дайшла. Жыхары вёскі Рахавічы былі вымушаны наведваць пачатковыя польскія школы, якія знаходзіліся ў вёсках Азгінавічы і Сурынка.
Рахавіцкая няпоўная сярэдняя школа была адкрыта пасля вызвалення Слонімшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і, верагодна, адной з галоўных прычын адкрыцця школы менавіта ў Рахавічах была наяўнасць дзвюх прасторных на той перыяд хат, гаспадары якіх выехалі з немцамі.
Дакладна невядома, калі пачаліся заняткі ў школе. Аднак ўжо ў 1946 годзе па выніках работы Рахавіцкая няпоўная школа прызнаецца адной з лепшых, і пастановай аддзела адукацыі рэкамендавана выкарыстоўваць вопыт педагагічнага калектыву на чале з дырэктарам Рудэнем (Навагрудскі архіў, фонд 501, вопіс 2, адзінка захавання 4, 1946 год).
Першы выпуск адбыўся ў 1947 годзе. У 1949 – 1950 вучэбным годзе ў школе вучылася 95 чалавек. У суседніх вёсках Азгінавічы і Гуменікі былі пачатковыя школы, пасля заканчэння 4 класа дзеці з гэтых вёсак прыйшлі ў Рахавіцкую сямігадовую школу, таму ў 1951 – 1952 вучэбным годзе ў школе вучылася ўжо 229 вучняў. У гэтым вучэбным годзе ў школе працавала 11 настаўнікаў, аднак ні адзін з іх не меў вышэйшай адукацыі, адзін настаўнік нават не меў сярэдняй адукацыі. Пытанне настаўніцкіх кадраў стаяла вельмі востра, і таму 5 настаўнікаў з 11 завочна вучыліся ў вышэйшых педагагічных установах. Менавіта ў Рахавіцкай школе пачынала свой працоўны шлях вядомая на Слонімшчыне як настаўнік і дырэктар Лідзія Міхайлаўна Пякарская (Крэчык).
Матэрыяльная база школы была надзвычай слабай: 47 партаў, 5 класных дошак, 5 класных сталоў, 6 крэслаў, 3 табурэткі, 2 шкафы, 1 бачок для піцця, 5 вёдраў. У школьнай бібліятэцы было усяго 236 кніг. З 1951 па 1962 год сямігадовую адукацыю атрымалі 313 чалавек, з іх выдатнікамі былі толькі 11 чалавек, што складае 3,5% ад агульнай колькасці.
З 1963 года адбыўся пераход на васьмігадовую базавую адукацыю. У сувязі з павелічэннем колькасці класаў і паляпшэннем матэрыяльнага становішча сістэмы адукацыі паўстала праблема будаўніцтва новага будынка школы.У канцы 60-х гадоў у перыяд кіравання Акуліка Васіля Фядосавіча быў пабудаваны аднапавярховы цагляны будынак школы. У вызваленых памяшканнях арганізавалі сталовую.
На працягу 70-х – пачатку 90-х гадоў вучэбныя заняткі праводзліся ў двух будынках, для спартыўнай залы быў прыстасаваны будынак без ацяплення, ацяпленне ў школе да сярэдзіны 80-х было пячным, адсутнічала ўнутранае водазабеспячэнне, заняткі пастаянна вяліся пры электрычным асвятленні. Характэрнай рысай Рахавіцкай школы была знешняя ўтульнасць, поспехі ў рабоце вытворчых брыгад, рэгулярны ўдзел у выставах кветак, прызавыя месцы ў гульні “Зарніца”, у спаборніцтвах санітарных дружын.
У 80-х гадах востра паўстала пытанне будаўніцтва новай школы, паколькі ўмовы не дазвалялі арганізаваць навучанне ў адпаведнасці з неабходнымі патрабаваннямі. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Сурынку перасялілася шмат маладых сямей і старая школа не магла ўмясціць усіх вучняў. Дзякуючы намаганням старшыні калгаса імя Суворава Мікалая Уладзіміравіча Жыткевіча за кошт калгаса быў распрацаваны індывідуальны праект будынка школы. У перыядз 1991 па 1993 год агульнымі намаганнямі будаўнічых арганізацый, калгаса імя Суворава, упраўлення адукацыі і калектыва школы быў узведзены будынак сучаснай школы. Урачыстае адкрыццё школы адбылося 30 жніўня 1993 года.
Школа атрымала ў 1992 годзе статус сэрэдняй, у карыстанне вучняў і педагогаў прадстаўлена 17 вучэбных кабінетаў, актавая зала на 120 пасадачных месцаў, бібліятэка, спартыўная зала, сталовая, стадыён. Сярэдняя школа прадоўжыла многія традыцыі базавай школы. З 1992 па 2009 гады у час працы настаўнікам і дырэктарам Журовіча Леаніда Мацвеевіча быў зроблены значны крок у развіцці баскетболу і шашак, каманды школы ўдзельнічалі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх турнірах. Да аб’яднання горада і раёна ў 2003 годзе школа рэгулярна ўваходзіла ў тройку прызёраў раённых алімпіяд, найбольш удала выступалі па матэматыцы, нямецкай мове, хіміі.
У 2005 годзе ў школу арганізаваны падвоз вучняў з вёсак Дзеравянчыцы, Глоўсевічы, Вербалаты, Падмошша, Гуменікі. У 2006 годзе ў памяшканне школы пераведзены Рахавіцкі дзіцячы сад, і школа была перайменавана ў Рахавіцкую сярэднюю школу-сад. У 2008 годзе праведзены рамонт па праграме адраджэння вёскі. На будынку школы заменены дах, часткова ўстаноўлены шклопакеты, заменена сістэма асвятлення, заменена мэбля, часткова адрамантаваны вучэбныя кабінеты. У 2010 годзе праведзены работы па адкрыццю другой рознаўзроставай групы дзіцячага сада, ў школе налічваецца каля 25 выхаванцаў рознаўзроставых груп.
З 1963 года па 2012 год базавую адукацыю атрымалі 688 чалавек, з іх 42 выдатніка, што складае 6% ад колькасці выпускнікоў.
З 1994 па 2012 сярэднюю школу закончылі 148 чалавек, з іх 20 з залатымі і сярэбранымі медалямі.
Самыя буйныя выпускі былі ў 1953 і 1954 гадах – па 47 вучняў.
Самыя малыя выпускі базавай школы былі ў 1982, 1995, 2012 гадах – па 5 вучняў, самыя малыя выпускі сярэдняй школы - у 1994 і 1997 гадах – па 2 вучні.
ТРАДЫЦЫІ
Важным сродкам выхавання ва ўстанове з'яўляюцца традыцыі, якія не толькі фарміруюць агульныя інтарэсы, надаюць пэўную трываласць жыццядзейнасці ўстановы, але і надаюць ей тое асаблівае, непаўторнае, што адрознівае нашу школу ад іншых і тым самым гуртуе школьны калектыў, узбагачаючы яго жыццё.
У нашай установе склаліся багатыя традыцыі. Да іх можна аднесці як мерапрыемствы, якія праводзяцца штогод, так і сістэму адносін, якая склалася паміж настаўнікамі, вучнямі і бацькамі.
"Дзень ведаў"
1 верасня - гэта свята ўсёй установы адукацыі
1 верасня - незвычайны дзень. Па вуліцы спяшаюцца да школы з букетамі кветак вучні. Па традыцыі ва ўсіх школах нашай Радзімы ў гэты дзень для першакласнікаў прагучыць першы званок. Ён пакліча за сабой у доўгае і займальнае падарожжа па краіне ведаў.
Вялікае свята, якое праводзіцца з удзелам усіх навучэнцаў, настаўнікаў, бацькоў, выпускнікоў, гасцей.

“Дзень яднання” – дзень аб’яднання ўсходняй і заходняй Беларусі

"Дзень Перамогі" 9 мая – мітынг, каля помніка загінуўшым воінам у аг.Сурынка
Свята, прысвечанае Дню Перамогі, - адзін з самых важных дзён у годзе. Чым далей ад нас адыходзяць у гісторыю гады вайны, тым цяжэй данесці да новага пакалення, як дорага нашай краіне далася гэтая перамога. Дзеці павінны ведаць, праз якія жахі, разруху, пакуты, голад і смерць прайшлі іх бабулі і дзядулі, а для многіх ужо прабабулі і прадзядулі, дзень усенароднага гонару і ўсенароднага смутку. Дзень заканчэння страшнай, бязмерна жорсткай вайны.

“Свята апошняга званка”

Выпускны вечар “У добры шлях выпускнік”

Выхаваўча-аздараўленчы лагер “Родничок”

Выхаваўча-аздараўленчы лагер працы і адпачынку “Колосок”

Працоўная брыгада
